ТЫДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ “ЯК ТЫ ДОРАГА МНЕ, МАЯ РОДНАЯ МОВА”

25.09.2023
 
З 18 па 23 верасня у нашай школе прайшоў тыдзень роднай мовы. 
 
 
 
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры разам са сваімі вучнямі правялі разнастайныя цікавыя мерапрыемствы з мэтай павышэння цікавасці да вывучэння роднай мовы і далучэння да нацыянальных традыцый свайго народа.
 
 
 
Усе вучні нашай школы падключыліся да акцыі “Маё любімае слова па-беларуску”, прынялі ўдзел у паэтычным марафоне “Мой родны кут, як ты мне мілы..”: да 100-годдзя паэмы Я.Коласа “Новая зямля”, турніры эрудытаў “Лепшы перакладчык”, адправіліся ў цікавае завочнае падарожжа “Асветнікі Полацкай зямлі”, арганізавалі фотавыставу, прысвечаную роднаму гораду Віцебску “Матывы роднай зямлі”, правялі “Сваю гульню”, прысвечаную творчасці Уладзіміра Караткевіча, навучыліся складаць радавод сваёй сям’і і нават падрыхтавалі паштоўкі-віншаванні на беларускай мове для сваіх настаўнікаў-прадметнікаў.
 
 
 
***
 
Вучні 11 “А” класа разам са сваёй настаўніцай Аленай Уладзіміраўнай Кавалёвай для сямікласнікаў арганізавалі завочную экскурсію “Асветнікі Полацкай зямлі”. Вучні змаглі “прайсціся” вуліцамі Полацка, убачыць славутыя мясціны горада, паглыбіць веды пра жыццядзейнасць Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыну, а таксама пазнаёміцца з дзейнасцю Семяона Полацкага, наведаць музей кнігадрукавання. А напрыканцы мерапрыемства сямікласнікам была прапанавана віктарына з мэтай выяўлення самага ўражлівага і эрудыраванага вучня. Настаўніца беларускай мовы Святлана Анатольеўна Кійко навучыла сваіх шасцікласнікаў складаць радавод сваёй сям’і, правяла турнір эрудытаў “Лепшы перакладчык” і дапамагла вучням скласці паштоўкі-віншаванні для родных і дарагіх людзей. На ўроку вучні адчулі сябе сапраўднымі “паштальёнамі”, а лісты і паштоўкі атрымаліся вельмі душэўнымі і цёплымі.
 
Марыя Пятроўна Раманоўская правяла літаратурную гадзіну “Чытаем па-беларуску разам” з вучнямі 9х класаў. Падрыхтаваная вучаніца 9”Б” класа Альшанка Надзея пазнаёміла сваіх аднакласнікаў з казкамі Якуба Коласа.
Такія мерапрыемствы дапамагаюць далучыць вучняў да жывога беларускага слова, да багацця роднай мовы, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць.
 
 
 
Вучні 8-х класаў разам з Наталляй Пятроўнай Мялешка правялі турнір знаўцаў роднай мовы “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” для вучняў пачатковых класаў.
Таццяна Анатольеўна Лазоўская для сваіх вучняў арганізавала і правяла “Сваю гульню” па творчасці Уладзіміра Караткевіча. Вучні “зайшлі” ў беларускую хату, змаглі пашырыць свае веды па назвах беларускага адзення, посуду, нацыянальных страў. 
 
Самыя юныя сябры роднай мовы- вучні пачатковых класаў напісалі свае пажаданні на паштоўках і прэзентавалі іх на выставе. 
 
 
Тыдзень роднай мовы ў нашай школе прайшоў насычана і весела!
 
Гучы роднае слова, зіхаці ўсімі колерамі дабра і цеплыні!