Дзень роднай мовы ў пачатковых класах

21.02.2024

Дзень роднай мовы ў пачатковых класах пачаўся са святочнага сходу вучняў 3-4 класаў
і конкурса на лепшага чытальніка вершаў ”Гучы, роднае слова!“.

Працаўнікі школьнай бібліятэкі дапамаглі арганізаваць выставу кніг беларускіх паэтаў
і пісьменнікаў ”Сэрцам роднага слова краніся!“ Вучняў зацікавіла пазнавальная выстава этнаграфічных рэчаў ”Бабулін куфэрак“, а свае творчыя работы яны прадэманстравалі на выставе ”Мой чароўны беларускі край!“. Конкурсы і віктарыны выявілі лепшых мовазнаўцаў сярод малодшых школьнікаў.

А вандроўка з дзедам Барадзедам ”Сказаў, як звязаў“ дапамагла ўзбагаціць слоўнікавы запас вучняў прымаўкамі, прыказкамі і ўстойлівымі выразамі з народнага фальклору. 

Нікога не пакінула абыякавым і віртуальная экскурсія па гістарычных мясцінах Беларусі ”Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына“, арганізаваная класнымі кіраўнікамі. Свае пажаданні роднай мове вучні выказалі на працягу акцыі ”Гаворым па-беларуску“ і ў інфармацыйным дайджэсце ”Маё любімае слова па-беларуску“.