ТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

26.02.2024

                  

Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе заўсёды праходзяць запамінальна і ярка. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 19 па 24 лютага. Кожны дзень Тыдня быў насычаны разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі, накіраваныя на павышэнне ўзроўню папулярызацыі роднай мовы і літаратуры.

Агульны цёплы і душэўны настрой надаў Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку-размаўляй па-беларуску”. Была наладжана фотазона “Інстаграм па-беларуску”, упрыгожаная сэрцамі-прызнаннямі беларускай мове і роднай краіне, якую зрабілі самі вучні, выстава праектаў, фотаздымкаў, малюнкаў. На кожным перапынку гучалі песні на роднай мове. Настаўніца беларускай мовы Таццяна Анатольеўна Лазоўская правяла гульню-віктарыну “Ведай свой край!”

Другі дзень прайшоў пад дэвізам “Роднаму слову прызнанне з каханні”. Святлана Анатольеўна Кійко арганізавала незвычайныя ўрокі “Пішу ліст- прызнанне “За што я люблю родную мову і Беларусь”. Вучні 6-х класаў старанна прыняліся за справу і ў выніку атрымаліся не проста лісты, а буклеты, праекты, канверты з цёплымі прызнаннямі. Колькі таленавітых дзяцей вучыцца ў нашай школе! Вучням было прыемна было падарыць свае лісты ў скарбонку Тыдня, сфатаграфавацца са сваімі праектамі.

Трэці дзень прайшоў пад дэвізам “Мова родная-мова модная”. Наталля Пятроўна Мялешка правяла інтэрактыўную гульню для вучняў 5-х класаў “Сцежкамі Беларусі”.

Сапраўднае лінгвістычнае спаборніцтва разгарнулася сярод вучняў 7"А" класа падчас "Краязнаўчага ФЭСТу". У гульні прымалі ўдзел 4 каманды. Сямікласнікі ўзгадалі фальклорныя жанры, міфічных істот, зрабілі экскурс у этнаграфію і культуру беларускага народа.

Дэвізам чацвёртага дня Тыдня быў “Папулярызацыя роднай мовы ў маладзёжным асяроддзі”. Настаўніца Наталля Пятроўна Мялешка разам з вучнямі 8х класаў правяла гульню “Займальная беларуская мова”. У гэты ж дзень вучні нашай школы прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Буслік-2024”.  Для вучняў 4 класаў старшакласнікі на чале са сваёй настаўніцай А. У. Кавалёвай арганізавалі гульнёвы падворак. Чацвёртакласнікі з цікавасцю пагулялі з родным словам, змаглі паказаць добрыя веды і праявіць кемлівасць. Вучні ўдала падбіралі беларускія адпаведнікі, знаходзілі памылкі ў прапанаваных словах, разгадвалі рэбусы, стваралі невялічкія вершы.

Удзельнікі гульні атрымалі памятныя закладкі, створаныя адзінаццацікласнікамі, і яркія нататнікі, а пераможцам былі ўручаны заслужаныя сертыфікаты.

Пяты дзень адзначыўся дэвізам “Дызайн па-беларуску”. У фае школы побач з фотазонай вучні маглі пазнаёміцца з беларускімі нацыянальнымі касцюмамі, якія былі прадстаўлены на манекенах, прынялі ўдзел ў арганізацыі выставы “Беларускі ручнік” і нават змаглі ў творчай майстэрні навучыцца маляваць беларускі арнамент.

Онлайн-даведнік “Беларускае адзенне” дапамог пазнаёміцца з асаблівасцямі беларускага народнага касцюма.

І завяршыўся тыдзень пад дэвізам “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” турнірам эрудытаў “Знаўца роднага слова”, які правялі Лілія Аляксееўна і Святлана Анатольеўна, дзе вучні 5х і 6х класаў змаглі паспаборнічаць у сваіх ведах беларускай мовы, а таксама гульнёй-падарожжам “Беларуская мазаіка”, у якой прынялі ўдзел вучні 9х класаў.

Вучні былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі і прызамі.

Мерапрыемствы Тыдня садзейнічаюць развіццю інтэлектуальных магчымасцяў вучняў, іх творчых здольнасцяў, выхаванню любові і павагі да роднай мовы, падтрымліваюць цікавасць да яе вывучэння.